8 лютага разгледзяць прашэнне Бандарэнкі

Паводле звестак з Магілёўскай калоніі, праз два дні там адбудзецца паседжанне камісіі, на якім разгледзяць прашэнне аб памілаванні палітвязня Змітра Бандарэнкі.

Дзень, калі Зьмітра Бандарэнку вызваляць, залежыць ад таго, ці падпіша (а калі падпіша — то ў які тэрмін) гэта прашэнне Аляксандар Лукашэнка, паведамілі ў Магілёўскай калоніі. У самой калоніі прашэнне вязня разгледзяць 8 лютага, сказала супрацоўніца ўстановы«Якое будзе рашэнне, стане вядома пазней. Пакуль ён у нас будзе праходзіць камісію, у нас ёсць гэткая наглядная камісія, а потым мы накіроўваем матэрыялы ў камісію па памілаванні пры прэзыдэнце. Калі ўсё будзе гэтак, як заплянавана, то ўжо ў сераду разгледзяць».

4 лютага ў тэлефоннай размове з жонкай Зміцер Бандарэнка паведаміў, што 1 лютага напісаў прашэньне аб памілаванні.

Сёння жонка палітвязня атрымала ад яго адразу два лісты, адзін з якіх быў напісаны ўжо пасля падпісання прашэння аб памілаванні. З гэтага ліста Вольга Бандарэнка зрабіла выснову, што муж па-ранейшаму не можа выказвацца да канца адкрыта. «Некаторыя фразы такія, што над іх сэнсам мне яшчэ трэба думаць», — кажа Вольга Бандарэнка. Што да перспектывы вызвалення, хутка яго Зміцер Бандарэнка не чакае, кажа Вольга і цытуе вытрымку з ліста: ​​«Вось ён піша ў гэтым лісце: «Зараз можа быць усё што заўгодна, і туды і сюды, але хутчэй за ўсё стане нават больш складана. Але цяпер яны ўжо пятляць ня змогуць. І ў гэтым я мушу быць разам з Андрэем».

Вольга Бандарэнка ўдакладніла, што не можа сказаць з пэўнасцю, ці падпісаў муж гатовы тэкст прашэння, або сам склаў і падпісаў яго. У тэлефоннай размове, як і ў лісце, пра гэта нічога няма. Вольга Бандарэнка гэтак пракамэнтавала ліст мужа: «Мой камэнтар да гэтага такі: раней улады казалі, што вось яны не хочуць выходзіць з турмаў, бо не пішуць прашэнняў аб памілаванні. Але, аказваецца, Саннікаў тады ўжо прашэнне напісаў, але яго не выпускалі і нават працягвалі ціск на яго. Інакш чаму тады да яго не дапускалі адваката? Да ўсіх дапускалі, а да яго — не? Атрымліваецца, што праз ціск ад іх дамагліся гэтых прашэнняў, але ўсё роўна не адпускаюць. Паглядзім, што будзе далей, ці хутка вызваляць. Дзіма, відаць, не выключае, што не хутка».

Паводле звестак, Зміцер Бандарэнка зноў атрымаў магчымасьць карыстацца мыліцай пры хадзьбе, а таксама яму вярнулі адмысловы артапэдычны абутак. У зняволеньні Бандарэнка перанёс апэрацыю на хрыбетніку, у яго таксама праблемы з нагой.

Супрацоўніца Магілёўскай калёніі запэўніла, што за Змітром Бандарэнкам назіраюць турэмныя лекары і што ён «не скардзіцца на ўмовы ўтрымання»«Умовы, у якіх ён знаходзіцца, нармальныя. Не турбуйцеся».

Вольга Бандарэнка пра ўмовы мужа сказала: «У якім перакуленым свеце мы жывем, калі вяртанне мыліцы лічыцца за шчасце».

Па матэрыялах Радыё “Свабода”