Гамяльчанка патрабуе кампенсацыю за маральную і фізічную шкоду з СІЗА

У лютым 2012 года выйшла на волю з жаночай калоніі, дзе яна адбывала пакаранне, Галіна Процка. Маладая жанчына была затрымана ў жніўні 2010 году, яе абвінавацілі ў гандлі людзьмі – вярбоўцы і вывазе за мяжу дзяўчат для сексуальнай эксплуатацыі. Галіна Процка на момант затрымання міліцыяй не мела ніякага статусу, нават падазронай у крымінальнай справе, але гэта не перашкодзіла паказаць яе па дзяржаўнаму тэлебачанню як злачынцу, прычым не хаваючы твару.

Затым было следства і суд, які першапачаткова пакараў маладую жанчыну пазбаўленнем волі тэрмінам на сем гадоў. Але затым цяжкія крымінальныя артыкулы перакваліфікавалі, бо суд не знайшоў пераканаўчых доказаў віны дзяўчыны, і ўрэшце Галіну Працко пакаралі 2 гадамі пазбаўлення волі, піша gomelspring.org.

Пакуль дачка сядзела ў СІЗА, яе бацька Аляксандр Процка спрабаваў дамагчыся справядлівасці і спагнаць кампенсацыю з Белтэлерадыёкампаніі, супрацоўнікі якой праз свой сюжэт па тэлебачанню зняважылі маладую жанчыну, яшчэ да суду заявіўшы, што яна ажыццяўляла гандаль людзьмі. Суд стаў на бок дзяржаўнага тэлебачання, і зараз дадзенае рашэнне Аляксандр Працко аспрэчвае ў вышэйстаячай судовай інстанцыі.

Час, праведзены ў СІЗА, адмоўна паўплываў на Галіну Працко – ва ўстанове пенітэнцыярнай сістэмы яна страціла здароўе. Падчас зняволення яна набыла некалькі хвароб, у прыватнасці, захворванне нервовай сістэмы, хваробу Рэйно, захворванні унутраных органаў, скуры, педыкулёз. Былая зняволеная сцвярджае, што медычная дапамога ёй не аказвалася, і таму яна набыла столькі захворванняў. Падчас знаходжання ў СІЗА дзяўчына шмат хварэла, але дапамогу ад медыкаў можна было б назваць камічнай, каб гэта не была трагедыя для чалавека. Напрыклад, калі ў Галіны Працко былі праблемы з нагамі – аблезлі пазногці, цякла кроў, то выкліканы доктар прапанаваў паказаць хворыя ногі праз «кармушку». У камеру да жанчыны траплялі іншыя зняволеныя, хворыя на педыкулёз, якія заразілі ўсю камеру. На скаргі ніхто не рэагаваў, і лячэння ніякага не было.

9 лістапада 2011 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля не задаволіў іск зняволенай, якая патрабавала спагнаць кампенсацыю за маральную і фізічную шкоду з гомельскага следчага ізалятара (СІЗА-3). У сваёй заяве, у якой яна скардзілася на адміністрацыю і супрацоўнікаў СІЗА, жанчына адзначыла, што ёй прычынены фізічныя і маральныя пакуты, здароўю нанесена непапраўная шкода, наступствы якой яшчэ няясныя. «Яна прасіла аб дапамозе гінеколага, паколькі у яе назіралася кровацячэнне і іншыя гінекалагічныя праблемы. Таксама ў дачкі былі праблемы з пазногцямі на нагах. Скаргі ў пракуратуру і медсанчасць не давалі выніку. Адміністрацыя пастаянна праводзіла гутаркі аб недапушчальнасці падобных скаргаў», – распавядаў бацька зняволенай Аляксандр Працко, які быў на судзе законным прадстаўніком жанчыны. Аднак суддзя Сяргей Шыцікаў кваліфікаваў дзеянні супрацоўнікаў і адміністрацыі СІЗА як законныя і не задаволіў скаргу.

Пасля вызвалення Галіна Працко працягвае адстойваць свае правы ў судзе. Зараз скарга на дзеянні супрацоўнікаў СІЗА перададзена ў Гомельскі абласны суд. У сакавіку 2012 года справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна. На паседжанні прысутнічалі сведкі – былыя сукамерніцы Галіны Працко, якія пацвердзілі, што ў камеры быў педыкулёз, зняволеныя хварэлі, а належная медыцынская дапамога ім не аказвалася.

Кіраўнік “Центра стратэгічнай цяжбы” Леанид Судаленка лічыць, што Галіна Працко мае права на маральнудю кампенсацыю і мусіць працягваць бараніць свае правы ў судовым парадку:

“Суды адмовілі ахвяры не толькі ў спагнанні маральнай шкоды ў сувязі з парушэннем прэзумпцыі яе нявіноўнасці, а таксама адмовілі ў кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з яе ўтрыманнем у жаночай калоніі Гомеля. Лічў, што ў дадзенай сітуацыі неабходна даводзіць справу да Вярхоўнага суда, каб не ствараць судовых прэцэдэнтаў па неабгрунаваным адмовам ў кампенсацыі маральнай шкоды,” – сказаў эксперт сайту “Супраць катаванняў”.