Клятва гіпакрата для начальніка турмы

У народнай свядомасці з месцамі зняволення замацавалася трывалая асацыяцыя – страта здароўя. Турма гэта ці калонія, следчы ці ізалятар часовага ўтрымання – санаторыем не назавеш нічога з пералічанага. Розніцу для здароўя складае хіба працягласць утрымання.

Аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын пагаршэння здароўя ў месцах абмежавання волі мноства. Псіхалагічная траўма пры пападанні ў перапоўненую камеру, умовы ўтрымання, далёкія нават ад унутрананых, не тое што міжнародных стандартаў, нематывавана жорсткія адносіны з боку работнікаў, па-застатутныя ўзаемадачыненні між самімі арыштантамі – усё гэта наўрад ці ідзе камусьці на карысць. На такім фоне вельмі трывожна гучыць праблема даступнасці медыцынскага абслугоўвання.

Вас білі? Дакажыце!

Хаця здавалася б, якія праблемы? Пенітанцыярная сістэма традыцыйна настроена на самадастатковасць, і ўласная медыцынская служба – гэта не раскоша, а адпаведнасць артыкулу закона. Сядзі сабе, арыштант, ні пра што не думай: ні пра тое, як талон да ўчастковага ўрача ўзяць, ні пра тое, як грошы на візіт да стаматолага назбіраць. Адзінае, што трэба, – напісаць заяўку на паслугі адпаведнага спецыяліста. За аказанне медыцынскай дапамогі згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Пра парадак і ўмовы ўтрымання асоб пад вартай” адказвае не хто-небудзь, а асабіста кіраўнік месца абмежавання волі.

Праваабаронцы, аднак, сцвярджаюць: менавіта падначаленасць лекараў “турэмнаму” начальству і стварае перашкоды для сумленнага выканання медперсаналам сваіх пасадных абавязкаў.

Асабліва востра гэта выяўляецца ў кантэксце праблемы катаванняў і жорсткага абыходжання са зняволенымі. У Правілах унутранага распарадку ІЧУ і іншых спецыяльных устаноў жорстка рэгламентавана: пры атрыманні зняволеным цялесных пашкоджанняў цягам адных сутак праводзіцца медыцынскае асведчанне з абавязковым паведамленнем яго вынікаў як самому пацярпеламу, так і яго абаронцу. На практыцы, аднак, урачы не адважваюцца фіксаваць выпадкі пабояў, каб не псаваць адносіны з адміністрацыяй.

Пацверджанні гэтаму мы лёгка знаходзім у размове з людзьмі, што пабывалі за кратамі. “Калі я адбываў адміністратыўнае пакаранне, мяне моцна збіў ахоўнік. Я быў увесь сіні. Пакуль ехала хуткая дапамога, раны мне абрабляла мясцовы фельчар,– расказвае былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.– Але на судзе яна сказала, што ніякіх слядоў пабояў на мне не бачыла”.

“А мяне наогул да ўрача адмовіліся весці”,– распавядае пра яшчэ адзін сцэнар медыцынскага асведчання праваабаронца Павал Левінаў. Выпадак адбыўся ў красавіку мінулага 2011 года, калі яго затрымалі па падазрэнні ў выбуху ў мінскім метро. “У судзе мяне пабіў міліцыянер, і ў ЦВП на Акрэсціна я запатрабаваў агляду лекара. Аднак мне адказалі, што асведчанне смяротніку ні да чаго – я ж падазраюся ў здзяйсненні тэракта”,– прыгадвае праваабаронца.

У некаторых выпадках, у тым ліку і па патрабаванні зняволенага, законам дапускаецца магчымасць медыцынскага асведчання незалежным спецыялістам. Аднак такую раскошу могуць дазволіць сабе толькі тыя, у каго ёсць фінансавыя сродкі аплаціць яго паслугі, а гэта  вялікая праблема для пазбаўленых волі на доўгі тэрмін. Не забудзем таксама, што адміністрацыя наўрад ці захоча ісці насустрач у вашым жаданні паказаць пабоі старонняму чалавеку. Ёсць, канешне, чыста тэарэтычны шанец абскардзіць незгаворлівасць начальства ў пракуратуры ці ў судзе, аднак які ў гэтым сэнс, калі сляды ад катаванняў за час гэтай валакіты знікнуць?

Таму ў супольным дакладзе 2011 года Камітэту супраць катаванняў ААН беларускія праваабаронцы канстатавалі: “Дамагчыся медыцынскага асведчання незалежным медыцынскім работнікам практычна немагчыма”.

Лечым ці калечым?

Не так драматычна ў параўнанні з праблемай адмаўлення фіксаваць сляды катаванняў, але не менш актуальна гучыць і тэма неаказання ці няякаснага аказання медыцынскіх паслуг у пенітанцыярных установах. Абавязковы першасны агляд, штодзённы агляд, ды і само лячэнне асоб пад вартай часта носяць абсалютна фармальны характар. “Пры афармленні ў ЦВП я сказаў, што адчуваю сябе дрэнна і маю моцны боль у вобласці рэбраў, але патрэбная медыцынская дапамога мне аказаная не была” – апісвае першы медагляд у цэнтры выканання пакаранняў былы адміністратыўны зняволены.

“Урач прыходзіць па заяўцы, аднак дапамагчы не можа. Лякарствы ў СІЗА самыя танныя, беларускія. Колькі я не патрабаваў інгалятар, так нічога і не дамогся, пакуль не перадалі з волі”,– больш дэталёва пра медабслугоўванне распавядае Сяргей Парсюкевіч, у якога падчас адбывання адміністратыўнага і ўгалоўнага пакаранняў абвастрыліся многія хваробы, у тым ліку і астма. “Лячыць у калоніі нікога не хочуць. Ідзеш да зубнога ўрача з карыесам у пачатковай стадыі, а табе прапануюць адразу рваць зуб, – працягвае апавядаць пра турэмнае медасбслугоўванне Сяргей.– У Жодзіна дык са мной наогул цікавы выпадак здарыўся. Я патаянна пісаў заявы на лячэнне, бо меў праблемы з носам (паліпозны гаймарыт.– Аўт.). На іх доўга не рэагавалі, але я, відаць, усё-ткі дастаў кіраўніцтва. Мяне перавялі ў лазарэт, але паклалі ў палату з душэўнахворымі. Гаймарыт мне так ніхто і не лячыў”.

Парсюкевічу пашансавала, што ў сукупнасці за кратамі ён прабыў толькі паўгода.

 А можа, не трэба, Шурык?

У грамадстве існуе шмат міфаў пра пенітанцыярную сістэму. Напрыклад, міф пра тое, што яна кагосьці перавыхоўвае. Міф, што дзяржава не помсціць, а дае шанец. Ці міф, што пакаранне ў турме адно, і гэта зняволенне. Насамрэч, ніхто нікога не перавыхоўвае, яшчэ як помсціць і для пакарання з задавальненнем выкарыстоўваецца нават тое, што прызначана дапамагаць. І хто сказаў (чарговы міф!), што ўрач заўсёды павінен быць на баку хворага? Тым больш ніхто не казаў, што закон абавязкова трэба выконваць. Не, камусьці, канешне, абавязкова. Але тое, што не дазволена быку, звычайна дазволена Юпітэру.

Іна Хоміч