Пра нас

Праект “Праваабаронцы супраць катаванняў” аб’ядноўвае ў сабе беларускіх праваабаронцаў, юрыстаў, адвакатаў і іншых спецыялістаў, а таксама нашых замежных калег, якія займаюцца пераважна праблемай ужывання катаванняў у Рэспубліцы Беларусь і выкананнем дзяржавай артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Артыкул 7

Ніхто не павінны падвяргацца катаванням альбо жорсткаму, бесчалавечнаму ці прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню альбо пакаранню. У прыватнасці, ніхто не павінны без ягонай свабоднай згоды падвяргацца медыцынскім альбо навуковым вопытам.

У сваёй дзейнасці мы кіруемся Дэкларацыяй ААН аб праве і абавязку асобных персон, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць ашульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды. Мы прытрымліваемся міжнародных стандартаў правоў, выкладзеных ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншым, жорсткім бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжанні.

Нашая мэта: безумоўнае выкананне Рэспублікай Беларусь Канвенцыі супраць катаванняў і іншым, жорсткім бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжанні.

Нашыя задачы і дзейнасць:

– юрыдычная дапамога людзям, якія сталі ахвярамі катаванняў ў выніку прымянення да іх фізічнага альбо псіхалагічнага гвалту супрацоўнікамі міліцыі і іншых органаў пры правядзенні следчых дзеянняў, затрыманні, арышце, адбыцці пакарання і іншых абставінах;

– дапамога ў абскарджванні неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і іншых службовых асоб па фактах прымянення катаванняў;

– юрыдычная дапамога ахвярам катаванняў па падрыхтоўцы скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека на парушэнне дзяржавай права не падвяргацца катаванням;

– накіроўванне зваротаў у дзяржаўныя органы па ўнясенню ў крымінальна-працэсуальны кодэкс, кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншыя заканадаўчыя акты паправак па паляпшэнню ўмоваў утрымання вязняў у месцах пазбаўлення свабоды;

– звароты ў дзяржаўныя органы з ініцыятывай падпісання Рэспублікай Беларусь дадтковых абавязкаў па прадухіленню катаванняў.

Накірункі дзейнасці:

  1. Унясенне артыкула “катаванні” ў Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь на аснове вызначэння Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншым, жорсткім бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжанні і назначэнне адпаведнага пакарання за дадзенае злачынства.
  2. Унясенне зменаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях з мэтай дазволу атрымання прадуктовых перадач адміністрацыйна арыштаваным;
  3. Падпісанне Рэспублікай Беларусь факультатыўнаа пратакола да Канвенцыі ААН супраць катаванняў.

Беларускімі праваабаронцамі і няўрадавымі арганізацыямі (Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Цэнтрам Прававой Трансфармацыі, ПЦ “Вясна”, Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, ІАУ “Платформа”, РГА “Прававая Ініцыатыва”) была падрыхтаваная альтэрнатыўная перыядычная справаздача ў Камітэт ААН супраць катаванняў аб  выкананні Канвенцыі ААН аб забароне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, якая была разгледжаная ў рамках 47-й сессіі, якая праходзіла з 31 кастрычніка па 25 лістапада 2011 года ў Жэневе.

Альтэрнатыўная справаздача ўключыла ў сябе факты прымянення катаванняў у адносінах да палітвязняў, асуджаных у месцах пахбаўлення свабоды, прымянення смяротнага пакарання, ціску на праваабаронцаў, невыкананне Рэспублікай Беларусь правоў чалавека, а таксама міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства.