Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні

1 лютага палітвязень, якому адмоўлена ў УДВ, нягледзячы на ​​жахлівы стан здароўя, напісаў прашэнне аб памілаванні. Аб гэтым Зміцер Бандарэнка паведаміў сваёй жонцы падчас тэлефоннага званка з калоніі 4 лютага.
Як вядома, з 30 студзеня ў Магілёўскай калоніі ўступілі ў дзеянне новыя правілы для Зміцера Бандарэнка. Трохі яго падлячыўшы, адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць жорсткасць умоваў утрымання палітвязня, які перанёс складаную нейрахірургічную аперацыю на хрыбце. Яму былі забароненыя палка-мыліца, атаксама артапедычны абутак, які перадавала жонка; было забаронена днём ляжаць; належыла хадзіць строем; загадваліся таксама «лёгкія» віды работ, што можа вельмі шырока трактавацца.

Для Бандарэнка, які ледзь рухаўся з мыліцай і якому складана нават сядзець, новыя ўмовы могуць апынуцца забойнымі. На другі дзень пасля напісання прашэння, 2 лютага, яму вярнулі мыліцу, артапедычны абутак і дазволілі не хадзіць строем з хворым хрыбтом.

«Я на самой справе вельмі рада, бо кожную раніцу я ўяўляла, як Дзіма стаіць на марозе, як спрабуе паспець у страі без палкі, у гэтых жудасных чаравіках за здаровымі мужчынамі. На маіх вачах ён два разы падаў дома, і я ўяўляла, як ён падае ў страі або з прыступак на вуліцы… Таму што ён мне казаў, што некалькі разоў вось так ледзь не ўпаў. Здароўе ў Дзімы пагоршылася, і ён мяркуе, што мабыць прыйдзецца прайсці яшчэ праз адну аперацыю… Цяпер у мяне крыху адлягло ад сэрца. Хоць я не ведаю, ці будзе галоўны толк ад гэтага – ці ўбачу я ў бліжэйшы час свайго мужа на волі, таму што па законе ён ужо павінен быць на свабодзе па УДВ», – сказала ў інтэрв’ю жонка палітвязня Вольга Бандарэнка.