Зміцеру Бандарэнка зрабілі больш жорсткі рэжым, чым ператварылі адбыццё пакарання ў катаванні
З панядзелка ў Магілёўскай калоніі ўступаюць ў дзеянне новыя правілы для Зміцера Бандарэнка.
Аб гэтым каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” паведаміў падчас тэлефанавання жонцы 29 студзеня.
Трохі яго падлячыўшы, адміністрацыя калоніі вырашыла зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання палітзняволенага, які перанёс складаную нейрахірургічную аперацыю на хрыбце. Такім чынам, з 30 студзеня:
– яму забаронены кіёк-мыліца;
– забаронены артапедычны абутак, які перадавала жонка;
– забаронена днём ляжаць;
– ён павінны хадзіць строем:
– дазволены лёгкія віды працы, а гэта можна вельмі шырока тлумачыць.
“Нядаўна я атрымала ліст ад Зміцера, у якім ён піша, што з сасудамі ў яго стала лепей, а з нагой па рэфлексах стала нават трохі горш. Я не ўяўляю, як ён будзе цэлы дзень хадзіць, стаяць. Сядзець яму складана, у яго адразу пачынаецца боль у паяснічным аддзеле. Як ён будзе хадзіць строем, кульгаючы, я таксама не ўяўляю. І як будзе на марозе стаяць? Для хрыбта і суставаў холад – гэта забойства.
Да гэтага часу ў Дзімы не было ніякіх спагнанняў. Нягледзячы на гэта, яму не было дазволена умоўна-датэрміновае вызваленне. Але зараз ён фактычна не зможа выконваць гэтыя прадпісанні, а значыць, аўтаматычна будзе атрымліваць спагнанні. То бок ён ідзе пратаптаным шляхам Саннікава, Дашкевіча і Статкевіча – ШІЗА, ПКТ, турма.
У прынцыпе, я была да гэтага гатовая, таму што было бачна, як разгортваюцца падзеі, быў бачны сцэнар. Я не здзіўленая. Але маёй фантазіі не хапае каб уявіць, як Зміцер са сваім здароўем усё гэтае перажыве і будзе выконваць. Я бачыла, як ён падаў дома, зачапіўшыся нагой… Я ўражаная, як ён мог пратрымацца ўвесь гэты час ды яшчэ ў такім добрым маральным стане. Нават я, ведаючы свайго мужа, усёроўна ўражаная.
Калі б я дакладна была ўпэўненая, што гэта дапаможа, я б яму сказала: пішы прашэнне аб памілаванні. Але ў свеце апошніх падзей, я не ўпэўненая, што гэта дасі вынік. Я ведаю, што ён, як і Андрэй Саннікаў, вытрываў катаванні ў СІЗА КДБ і не падпісаў прашэння, але не ведаю, што яны падрыхтавалі для яго зараз” – сказала ў сваім інтэрв’ю Вольга Бандарэнка.