Па-беларуску На русском
Правозащитники Против Пыток >> Галоўнае >> Чым пагражае Беларусі зварот да спецдакладчыка ААН, датычны катаванняў Саннікава?

Чым пагражае Беларусі зварот да спецдакладчыка ААН, датычны катаванняў Саннікава?

Пасля праведзенай 25 студзеня жонкай палітвязня Ірынай Халіп прэс-канферэнцыі, стала вядома аб катаваннях, якім падвяргаўся былы кандыдат у Прэзідэнты Андрэй Саннікаў за апошнія 3 месяцы, на працягу якіх да яго не дапускалі адваката і сваякоў.

У сувязі з такім беспрэцэдэнтным ціскам на Андрэя Саннікава, практычна поўнай яго ізаляцыяй ад сям’і, адваката, знешняга свету і ўжываннем да яго катаванняў, сям’я палітвязня прыняла рашэнне пры дапамозе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» звярнуцца з паведамленнем да спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях катаванняў.

Для таго, каб спецдакладчык змог адрэагаваць на паведамленне, яно павінна ўтрымліваць наступную мінімальную інфармацыю:

а. Поўнае імя ахвяры;
b. Дата, на якую мела месца прымяненне катаванняў (па крайняй меры, месяц і год);
c. Месца, дзе асоба была затрымана (горад, вобласць і г.д.) і месца, у якім катаванні праводзіліся (калі вядома);
d. Індыкацыя сілы прымянення катаванняў;
e. Апісанне формаў прымененых катаванняў і прычыненай у выніку шкоды;
f. Вызначэнне асобы або арганізацыі, якая падала даклад (імя (назва) і адрас будуць захаваныя ў таямніцы).

На момант падачы скаргі сваякі і адвакат палітвязня ўжо мелі ўсю неабходную для спецдакладчыка інфармацыю.

У прыватнасці, у скарзе гаворыцца аб тым, што кандыдат у Прэзідэнты Андрэй Саннікаў быў арыштаваны 19 сьнежня 2010 года падчас разгону мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў у Мінску. Да суда, які адбыўся ў маі 2011 года, знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе падвяргаўся катаванням. Заяву аб прымяненні да яго катаванняў у КДБ ён зрабіў у судзе.

Быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі, для адбыцця пакарання накіраваны ў калонію № 10 у Наваполацку, затым пераведзены ў выпраўленчую калонію ў Бабруйску, што з’яўляецца грубым парушэннем закона. Этапаванне доўжылася больш за 3 тыдні, хоць адлегласць паміж калоніямі крыху больш за 100 км.

Пасля прыбыцця ў Бабруйск, Саннікаў распавёў свайму адвакату аб псіхалагічных катаваннях, ціску і пагрозах падчас этапу. Ён адкрыта сказаў аб тым, што яму заявілі: «Калі не будзеш супрацоўнічаць з органамі ўлады, то да канца перасылкі не дажывеш». Затым Саннікава перавялі ў выпраўленчую калонію № 3 г.Віцебска, пасля чаго з 8 лістапада 2011 года па 20 студзень 2012 яго ніхто не бачыў і не атрымліваў ад яго вестак.

На сустрэчы з адвакатам 20 студзеня і з жонкай 24 студзеня Саннікаў заявіў, што ўвесь час падвяргаўся катаванням з моманту яго пераводу з калоніі № 10 у Наваполацку. Спатканні праходзілі пад жорсткім кантролем турэмнай адміністрацыі, Саннікаву было відавочна забаронена распавядаць аб катаваннях, але ён паспеў паведаміць, што катаванні ўключалі ў сябе фізічны і псіхалагічны ціск, пагрозы забойства ягонай жонкі і 4-гадовага сына. Верагодна, адміністрацыя калоніі яму не дазваляла сустрэцца з адвакатам раней – для таго, каб схаваць бачныя вынік катаванняў.

Згодна з беларускімі законамі, турэмнае зняволенне арганізуецца і кантралюецца Дэпартаментам выканання пакаранняў, які з’яўляецца падраздзяленнем міністэрства ўнутраных спраў. Знаходжанне Саннікава ў турме і яго пераводы былі арганізаваныя гэтай структурай. У паведамленні гаворыцца пра тое, што менавіта гэтыя службовыя асобы таксама нясуць адказнасць за ўтойванне інфармацыі аб бягучым стане Саннікава.

Заяўнікі мяркуюць, што фізічны ціск на зняволенага таксама выкарыстоўваўася, але якая-небудзь канкрэтная інфармацыя адсутнічае, так як кантакты з Саннікавым абмежаваныя, а незалежнай медыцынскай экспертызы не праводзілася.

Мы папрасілі праваабаронцу Сяргея Усцінава пракаментаваць дадзеную сітуацыю і наступныя дзеянні, якія можа распачаць спецдакладчык ААН па катаваннях.

“Лічу, што зыходзячы з заяваў у СМІ, зробленых жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Ірынай Халіп, зварот да спецыяльнага дакладчыка па пытаннях аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць формах абыходжання і пакарання, у сітуацыі, якая склалася, больш чым апраўданая. Улады да гэтага часу не абверглі гэтыя заявы, хоць у адпаведнасці з арт.171 КК Рэспублікі Беларусь, паведамленні ў сродках масавай інфармацыі могуць служыць падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы, або, па крайняй меры, падставай да правядзення сур’ёзнай праверкі, бо заявы аб катаваннях павінны разглядацца неадкладна, старанна і бесстаронне. Акрамя таго, сваякі меркаванай ахвяры катаванняў павінны мець практычную магчымасць удзельнічаць у следчых дзеяннях, прадстаўляць доказы, якія павінны далучацца да матэрыялаў следства, атрымліваць інфармацыю аб ходзе расследавання і аб рашэннях, якія прымаюцца ў сувязі з расследаваннем або яго вынікамі. Усё-ткі дзяржава як ніхто іншы павінна быць зацікаўленая ў тым, каб на яе тэрыторыі людзі не падвяргаліся катаванням.
Атрымаўшы дадзенае паведамленне, у кампетэнцыі спецдакладчыка звярнуцца да ўрада Рэспублікі Беларусь з тэрміновым запытам аб тлумачэннях у сувязі з меркаванымі парушэннямі правоў чалавека ў дачыненні да дадзенай асобы, і запатрабаваць ад урада прыняць меры па абароне або аднаўленні правоў чалавека. Акрамя таго, спецдакладчык мае права накіраваць ураду ліст-заклік да неадкладных дзеяннях, так як пытанне звязана з магчымым узнікненнем небяспечных для жыцця сітуацый.
На жаль, наведванне краіны спецдакладчыкам і вывучэнне сітуацыі на месцы, магчымае толькі пры згодзе на гэта ўрада Беларусі. Варта адзначыць, што дадзеная сітуацыя будзе адлюстравана спецдакладчыкам ў штогадовым дакладзе Савету па правах чалавека ААН, што, у сваю чаргу, негатыўна паўплывае на імідж Рэспублікі Беларусь сярод сусветнай супольнасці », – заявіў праваабаронца.

Вы можете следить за комментариями к этой новости через RSS 2.0 ленту. Вы можете оставить отзыв, либо поделиться ссылкой.

Комментировать

— Это не спам (обязательно, если вы не робот)

 
Каталог TUT.BY Rating All.BY