Яшчэ адні суткі праваабаронца правядзе ў бесчалавечных умовах
30 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска суддзя Якунчыхін Аляксандр Анатольевіч прызнаў праваабаронцу Алега Волчака, затрыманага яшчэ 27 студзеня, вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства), і прыцягнуў да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на чацвёра сутак з адбываннем пакарання ў сумна вядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па адрасе 1-й зав. Акрэсціна, 36.
Як таго і чакалі, праваабаронцу абвінавацілі ў тым, што ён пасярод бела дня «лаяўся нецэнзурнай лаянкай, размахваў рукамі, крычаў, на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў». Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Цэнтральнага РУУС Артур Шахлай і ягоны падначалены Андрэй Лявошка, якія сцвярджалі, што праваабаронца лаяўся матам у дачыненні да іх, а таксама размахваў рукамі. Прычым, іх паказанні, як гэта звычайна і бывае ў сфальсіфікаваных справах, разыходзіліся. Тым не менш, суд задаволіўся такімі няскладнымі тлумачэннямі міліцыянтаў. Зразумела, Алег сваёй віны не прызнаў і вінаватым ў абразе супрацоўнікаў міліцыі сябе не лічыць.
Цікава было пачуць прычыны, па якіх затрымалі Алега Волчака.
Міліцыянты падаюць цалкам чаканую карціну развіцця падзей: яны падышлі да Волчака каб праверыць у яго дакументы, так як у іх выклікаў падазрэнне пакет з друкаванымі матэрыяламі, якія ён нёс. У адказ на просьбу прад’явіць пашпарт, Алег нібыта абразіў супрацоўнікаў міліцыі, якія, дарэчы, былі ў цывільным, і, як высветлілася ў судзе – нават не прадставіліся. Адначасова праваабаронца растлумачыў, што ён нецэнзурна не выказваўся, і адразу ж прад’явіў пасведчанне воіна-аўганца, якое з’яўляецца дастатковым дакументам для пасведчання асобы. Калі ж міліцыянты прапанавалі праехаць з імі ў аддзяленне, -праваабаронца, маючы досвед зносін з прадстаўнікамі «закона», прыняў рашэнне добраахвотна паехаць з імі для высвятлення сітуацыі. Сам жа Воўчак на судзе заявіў, што бачыў, як гэтыя двое супрацоўнікаў сачылі за ім, і нейкі час ехалі за ім па вуліцы. Калі ж ён накіраваўся на пошту, каб адправіць сваім калегам свежы выпуск газет «Народная воля», пачак якіх і быў у яго ў пакеце, супрацоўнікі вырашылі яго затрымаць.
На пытанне адваката, якія былі матывы затрымання Волчака, міліцыянт Артур Шахлай адказаў: «Было падобна, што ў пакеце была друкаваная прадукцыя, і яе было як-то шмат …» А яго калега Лявошка і ўвогуле сказаў «Ён неяк вельмі хутка ішоў».
Міліцыянты, выяўляючы службовую стараннасць, так шчырэлі, – што прымудрыліся адначасова і затрымліваць Воўчака, і быць панятымі пры складанні на яго пратаколу затрымання, і з’явіліся адзінымі сведкамі яго правапарушэння. Не гледзячы на тое, што побач быў прыпынак грамадскага транспарту, на якім знаходзіліся людзі, – нікога з пацярпелых ад яго «хуліганскіх» паводзін прадстаўлена не было. Гэта яшчэ раз пацвярджае фальсіфікацыю дадзенай справы. Нагадаем, што нават калі дапусціць, што Волчак нібыта «лаяўся матам», – нецэнзурная лаянка сама па сабе не з’яўляецца правапарушэннем, так як пацярпелых ад ягоных дзеянняў не было, і да міліцыянтаў з нагоды хуліганскіх паводзін праваабаронцы ніхто не звяртаўся.
Акрамя таго, з фабулы справы відац,ь што прэтэнзіі да Алега – менавіта ў абразе супрацоўнікаў міліцыі пры праверцы дакументаў, а гэта ўжо іншая артыкул 23/05 КоАП (Абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў), і ў санкцыі гэтага артыкула не прадугледжаны арышт, пра што і заяўляў праваабаронца. А паколькі ў планы суду не ўваходзіла яго адпускаць і прызнаваць невінаватым, то гэта суд і не зацікавіла.
Варта адзначыць, што праваабаронцу было адмоўлена ў хадайніцтве аб азнаямленні з пратаколамі затрымання, што з’яўляецца грубым парушэннем права на абарону. Суддзя спаслаўся на тое, што ў пратаколах ёсць адзнака аб тым, што копіі перададзеныя Волчаку. Алег растлумачыў, што подпіс з яго ўзялі, а копіі матэрыялаў так і не выдалі на рукі, але суд гэтыя довады не ўлічыў.
Суд гэтак жа адмовіў у хадайніцтве далучыць да матэрыялаў справы выпіску аб стане здароўя Волчака, хоць той знаходзіцца на амбулаторным лячэнні ў мясцовай паліклініцы, і як воін-аўганец, двойчы ў год праходзіць курс рэабілітацыі. Праваабаронца спасылаўся на сваё дрэннае самаадчуванне. Пасля 3-х сутак знаходжання ў жорсткіх умовах ЦІП-а на Акрэсціна, у яго абвастрыліся ўсе яго хранічныя захворванні: боль у страўніку, шыі і плячы. Волчак хацеў, каб дадзены факт быў адлюстраваны ў матэрыялах справы. Запыт і далучэнне дадзенай выпіскі суддзя палічыў «наўмысным зацягваннем судовага працэсу» і хадайніцтва адхіліў.
Адзначым таксама, што суддзя Якунчыхін Аляксандр Анатольевіч забараніў весці ў зале відэа-і аўдыёзапіс, што лішні раз даказвае палітычную матываванасць дадзенага справы і адсутнасць справядлівага судовага разбіральніцтва.
Канчатковае слова суддзі – 4 сутак арышту з адбываннем пакарання ў ЦІП на Акрэсціна. Такім чынам, праваабаронца не змог 30 студзеня выехаць за мяжу для ўдзелу ў міжнародным праваабарончым мерапрыемстве. Да таго ж, былому воіну-аўганцу, ўзнагароджанаму некалькімі ўрадавымі ўзнагародамі за свае воінскія заслугі, прыйдзецца адседзець яшчэ адны суткі ў камеры з бамжамі, алкаголікамі і дробнымі злодзеямі.
Пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў праваабаронцам вядома даўно: ўмовы ўтрымання ў ЦІП з’яўляюцца бесчалавечнымі і зневажаюць чалавечую годнасць.
На судзе Алег Волчак яшчэ раз гэта пацвердзіў: у камерах няма мэблі – акрамя драўлянага насцілу з дошак, на якім і спяць, і прымаюць ежу ўсе арыштаваныя адначасова; матрац, коўдру, падушку і пасцельную бялізну не выдаюць; пітную ваду арыштаваным выдалі ў аб’ёме 4 літра на пяцярых чалавек у суткі; тэмпература ў камеры не адпавядае стандартам і было жудасна холадна; штодзённых шпацыраў на свежым паветры прадастаўлена не было, гэтак жа ў камеры няма абсталяванага туалета, і адасобіцца пры адпраўленні натуральных патрэб немагчыма, што безумоўна можна кваліфікаваць як бесчалавечнае абыходжанне і прыніжэнне чалавечай годнасці, што прама супярэчыць Правілам ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту і Мінімальным стандартным правілам абыходжання з зняволенымі. Гэтак жа Алег казаў, што яго змясцілі ў камеру, дзе былі бамжы, хворыя на педыкулёз, адкрытую формай сухотаў і, магчыма, на іншыя захворванні – што недапушчальна.
Алег Волчак выйдзе на свабоду 31 студзеня, прыблізна ў 15:35. Павітаць праваабаронцу на волі можна будзе па адрасе г.Мінск, зав. Акрэсціна, 36.
Ксенія Дубіцкая